среда, 29 мая 2013 г.


Зимни лес
Многа радасці можна зазнаць у зімнім лесе. Асабліва прыго-жай бывае палеская пушча ў ціхія марозныя дні. Па-святочнаму ўбраны ў белае лес стаіць застылы ў нерухомасці і на кожным дрэве, на кожнай галінцы дыяментамі іскрацца, пераліваюцца асветленыя сонцам блёсткі снегу. Варта, затаіўшыся, пастаяць адну хвілінку, каб адчуць, якім поўным жыццём жыве палеская пушча. Ціха вакол, не зварухнецца, трымаючы на сабе багатыя дары зімы, ніводная галінка на дрэве. I раптам аднекуль з вы-шыні сыплецца снежны пыл. Гэта рыжая вавёрка пераскочыла з дрэва на дрэва. Адзін кароткі міг — і яна маланкай знікла ў вершаліне кашлатай хвоі. А вось недзе нябачны ў галлі за-бубніў дзяцел. Лапатнуў крыламі, сарваўшыся з галіны, цецярук. Дзве казулі выскачылі на прасеку, спыніліся, пастаялі кароткі момант і адразу, нібы адчуўшы нейкую небяспеку для сябе, скокнулі і панесліся на сваіх тонкіх нагах, пакінуўшы за сабой толькі воблачкі снежнага пылу.



Малюнки прыроды
Малюнкі прыроды мяняліся адзін за адным. Толькі што Алесь захапляўся высокім абрывістым берагам. Але раптам дарожка, што белая ручаінка, пакацілася з узгорка ўніз, і перад вачы-ма яго раскінулася бязмежная сенажаць, як бы разаслаў хто вялізны-вялізны дыван, што зліваўся ўдалечыні з блакітным шоўкам чэрвеньскага неба. Дзе-нідзе толькі віднеліся на гэтай неабсяжнай зялёнай роўнядзі асобныя купкі беланогіх бярозак, якія стаялі мясцінамі, як тыя дзяўчаты ў карагодзе. Зусім нізка дарожку перабягаў невялікі ручай, які цурчэў з-пад маладой алешыны, што ўзнімалася над чаратамі. Вада была такая чы-стая, што нават круглыя гладкія каменьчыкі, што ляжалі на дне ручая, здаваліся белымі каралямі. I хоць Алесю не хацелася піць, ён нахіліўся — прыемны халадок асвяжыў яго ўсяго. Пас-ля падняўся, далонню выцер пот, абтрос з кашулі празрыстыя кропелькі і адчуў, што прасвятлела ў вачах. Нават лягчэй цяпер ступалі ногі.

Комментариев нет:

Отправить комментарий