среда, 29 мая 2013 г.


Груша
Груша цвіла апошні год.
Усе галіны яе, усе вялікія расохі, да апошняга пруціка, былі ўсыпаны буйным бела-ружовым цветам. Яна кіпела, млела і раскашавалася ў пчаліным звоне, цягнула да сонца сталыя лапы і распускала ў яго ззянні маленькія, кволыя пальцы новых парасткаў. I была яна такая магутная і свежая, так утрапёна спрачаліся ў яе ружовым раі пчолы, што, здавалася, не будзе ёй зводу і не будзе ёй канца.
Аднак надыходзіла яе апошняя часіна.
Дняпро падбіраўся да яе спакваля, як разбойнік. У вечным сваім імкненні скрышыць правы бераг, ён падступаў зусім бліз-ка да яго, руйнаваў адхоны, зносіў лазу, гвалтоўна вырываў кавалкі берага або асцярожна падмываў яго, каб раптам абурыць у ваду цэлыя глыбы зямлі. Потым адступаў да наступнай вясны, і трава літасціва спяшалася залячыць раны, нанесеныя Дняпром. А ён вяртаўся зноў і зноў і з часам абкружыў грушу амаль з усіх бакоў.



Навальницы
Ад самага красавіка надвор'е спрыяла людзям. Было багата цяпла, і зямлю паілі спорныя дажджы. I азіміна, і яравое раслі на вачах, і разам з азімінаю, з яравым раслі ў асцярожных, звыклых да ўсяго сэрцах людзей надзеі на лета.
Ужо блізка да сенакосу пачалі нядобра лезці навальніцы. Зранку неба было чыстае і яснае. I яснасць стаяла доўга ўдзень. Але за полуднем проста ўвачавідкі пачыналі пухнуць белыя, потым сіняватыя хмары. Парыла так, што ўсё навокал млела ў духаце. Пад вечар хмары зацягвалі ўжо ўсё неба. У вячэрняй цемры безупынку кідаліся чырвоныя выбліскі. Яшчэ да таго, як сяло апанаваў шумны лівень, неба над прыціхлымі хатамі і агародамі нізалі стрэлы маланак і расколвалі ўдары грому. У навальнічнай цемрадзі бляск маланак быў бела-сіні, прагавіты, грымоты падалі і каціліся так магутна і грозна, што, здава-лася, на мокрым лапіку зямлі са стрэхамі і ў балотным абшары навокал усё замірала ад страху.

3 комментария: