среда, 29 мая 2013 г.


Сведка часу
Нізкі паклон табе, Заходняя Дзвіна, мая радзіма, калыска майго незабыўнага маленства, невычэрпная радасць маіх сталых год! 3 далёкіх узгор'яў, дзе бяруць пачатак магутная Волга і імклівы Дняпро, нясеш ты, іх родная сястра, свае воды праз лясныя нетры і палявыя раўніны, праз гарады і вёскі на захад, да сівагрывай Балтыкі. Крыштальныя крыніцы і быстрацечныя рэчкі і ручаі поўняць тваю неўгамонную сілу. То светлаплынная ў ясны летні дзень, задумлівая ў пагодлівы сіні вечар, то бурлівая і грозная ў вясновую паводку і ў асеннюю непагадзь, то схаваная пад бель зімовай коўдры, няспынна імкнеш ты ў таям-нічую далячынь.
I плюскочуць хвалі, і звіняць крыніцы. I абліччы прыбярэжных гарадоў і вёсак адбіваюцца ў тваёй плыні. I шумяць лясы на крутых берагах, а па адхонных схілах гуллівымі чародкамі збягаюць стройныя бярозкі.



Родны кут
Калі я ўпершыню надоўга пакідаў свой родны кут, ехаў у горад вучыцца, бацька вывеў мяне з хаты, сказаў:
— А цяпер, сынок, спыніся, паглядзі на хату, у якой ты жыў, на агарод, сад наш. Добранька паглядзі! I на лес вокам кінь, на поле, неба. I ўсё, што ўбачыш, убяры ў сябе, запомні. Бо сюды, у сваю вёску, неаднойчы будзеш вяртацца, калі не наяве, дык у думках. I гэты зварот заўсёды будзе надаваць радасці, сілы, адвагі.
Мінае за годам год. А тыя словы, што сказаў бацька, праводзячы мяне ў дарогу, не забываюцца. Часта ўспамінаю я іх, як успамінаю і вёску тую, дзе вырас, і ўсё, што некалі ў маленстве бачыў, чуў, зведаў. I думаю: жыццё бацькі-працаўніка навучыла мудрасці.
Дзякуй табе, тата, што сваю мудрасць, любоў і павагу да роднага кута, да ўсяго-ўсяго нашага, беларускага, што ты перадаў, прывіў і мне.

Комментариев нет:

Отправить комментарий